12.12.2016

Выбары караля і каранацыя ў Рэчы Паспалітай

Цікавы ўрывак з кнігі Марціна Цайлера "Іншае апісаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага" (Ульм, 1657 г.), якую я зараз перакладаю (14% гатова), пра выбары караля і яго "інаўгурацыю".

360 год мінула, а нам ёсьць чаму вучыцца ў нашых продкаў ; )

ст.28-31

   Цяпер я падышоў да самаго караля, які прызначаецца выбарамі. Глядзі, што піша Andreas de Pilca, Corycinius, Vislicenзенскі Castellan, у сваёй Perspectiva politica пра спадчыннасьць, і якую шкоду яна прынесла Польскай дзяржаве за 150 год, калі ў Польшчы ўладарыў род Леха, як таксама і Aristocratia, калі войска вялі 12 Palatini. Канечне і каралеўскія сыны, калі яны маюцца, не выключаюцца з выбараў: аднак не часта адзін зь іх выбіраецца пераемнікам, пакуль жывы айцец. І палякі маюць звычай, не хаваць памерлага караля ў Кракаве раней, чым будзе выбраны новы кароль; і потым каранаваць новага караля на наступны дзень пасьля хаўтураў.

   Калі ж ня маецца ніякага сына ад памерлага караля, то яны бяруць каралём хутчэй нейкага замежніка, чым кагосьці са сваёй шляхты; чаму яны прыводзяць розныя прычыны; хаця аднак нехта мясцовы лепш ведае становішча краіны і мае большую любоў да Айчызны, чым чужынец. Між тым, пакуль выбіраецца кароль, яго месца замяшчае арцыбіскуп Гнэзенскі, як было ўзгадана вышэй. Ён аднак не можа раздаваць асобныя пасады, бо гэта належыць толькі каралю.


   Калі ж надыходзіць прызначаны вышэй узгаданым арцыбіскупам дзень выбараў, то ўся шляхта, калі пажадае, зьяўляецца на пэўных месцах. Бо з выбарамі справы абстаяць інакш, чым з соймамі, куды шляхта, як паведамлялася вышэй, пасылае толькі краёвых дэлегатаў. А на выбарах караля права голаса маюць таксама гарады Кракаў, Вільня і Гданьск. Увесь сход падзяляецца на розныя ваяводствы, ці Palatinatus, і як дзяржаўныя дарадчыкі, так сама і шляхта накіроўваюцца кожны да сваёго Palatinat; толькі арцыбіскуп застаецца на сваім месцы, бо яму потым, пасьля падліку ўсіх галасоў, належыць агалосіць сваё меркаваньне на гэты конт і адначасова таксама прызначыць караля; і калі спачатку найшаноўны дзяржаўны дарадчык у кожным Palatinat, выслухае сваіх падданых, і іх vota будзе пераданая арцыбіскупу; і ўсе Palatinatus зноўку зьбяруцца і разам абмяркуюць паданыя імі галасы, і калі потым паслы новаабранага караля на каленях прымуць прысягу тым пералічаным пунктам, якіх павінен трымацца кароль, і якія зачытваюцца ім польскім і літоўскім канцлерамі; тады абраны кароль яшчэ раз абвяшчаецца публічна. І калі падобнае ёсьць паблізу ад яго, то яго забіраюць дзяржаўныя дарадчыкі і шляхта і праваджаюць у царкву, і пасьля таго як арцыбіскуп прачытае імшу, кароль падыходзіць да алтару і на каленях прымае тую прысягу, якую яго паслы ад яго імя, як пазначана, прынялі раней, пры гэтым яна зноўку зачытваецца абодвума пазначанымі канцлерамі, чыстым голасам і г.д.

   Пад час гэтага маршалы тырмаюць скіпетр у сябе, пакуль кароль яшчэ не каранаваны; і таксама пагэтаму ён не можа ані даваць памілаваньне, ані карыстацца каралеўскай пячаткай, ці займацца каралеўскімі абавязкамі. Таму таксама і канцлеры нічога не запячатваюць, але, пасьля таго як яны разьбіваюць Sigilla памерлага караля на яго хаўтурах, то новыя пячаткі яны атрымліваюць ад каранаванага новага караля. Але дакумэнты, асабліва што да прывітальных лістоў да замежных князёў, вырабляюцца між тым пад тытулам “абраны кароль” і запячатваюцца пячаткай, якой ён карыстаўся да выбараў.

    Калі князь Uladislaus у сьнежні 1632-га ў Варшаве быў абраны каралём, то ў наступным 33-м годзе памерлыя целы караля Жыгімонта і яго другой супружніцы, пані Constantiniæ, былі перанесеныя адтуль у Кракаў і там пахаваныя; пасьля чаго 6-га лютага ў тамашняй замкавай царкве быў каранаваны Uladislaus. І пасьля таго, як усе прынялі свае прысягі, таксама і каралеўскія браты пакляліся, что яны жадаюць быць вернымі каралю і каралеўству, пакуль яны валодаюць маёмасьцю ці літасьцю ў гэтай дзяржаве. Толькі князь Карл Фэрдынант, біскуп Брэслаўскі ў Сілезіі, быў вызвалены ад гэтага, бо ён тады не меў нічога ў каралеўству, таму ён не быў абавязаны каралю і Republic.

    Калі пасьля сьмерці караля Sigismundi Augusti, выбіраўся новы кароль, то Русінскія і Падольскія Palatini разам з Castellanis і ўсёй раксаланскай шляхтай прыйшлі ў Gliniano; іншыя аднак супраць звычая сабраліся недзе ў сваіх землях, і потым разам прыбылі ў Варшаву, дзе яны на адкрытым полі (бо ніякі зал ці пакой не мог зьмясьціць гэткі вялікі натоўп) правялі выбары чынам, што быў пазначаны вышэй, а дзяржаўныя дарадчыкі, разам з Vice, ці часовым каралём, альбо Interrege, а менавіта арцыбіскупам Гнэзенскім, з-за іх Authoritet мелі ў цэнтры свой асобны лагер, ці намёт.

Комментариев нет:

Отправить комментарий